ДЭБА́ЕЎСКІ РА́ДЫУС ЭКРАНАВА́ННЯ,

адлегласць, на якую распаўсюджваецца дзеянне электрастатычнага поля асобнай зараджанай часціцы ў праводзячым асяроддзі (растворы моцных электралітаў, плазма, цвёрдыя праваднікі). Уведзены П.Дэбаем пры даследаванні электролізу.

Д.р.э. залежыць ад уласцівасцей асяроддзя: канцэнтрацыі і абс. значэння зараду часціц, энергіі іх цеплавога руху (г.зн. ад т-ры). Калі крыніца эл. поля (зараджаная часціца) знаходзіцца ў асяроддзі, якое мае дадатныя і адмоўныя зарады, то з прычыны палярызацыі асяроддзя эл. поле крыніцы робіцца вельмі малым (экрануецца) на адлегласцях, большых за Д.р.э. Ён роўны каля 10​−8 см у металах, каля 10​−4 см у паўправадніках пры хатняй т-ры.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)